МЕНЕСТРЕЛЬ
МЕНЕСТРЕЛЬ
Яна Кавалеўская

Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення

Рэцэнзія на кнігу Альгерда Бахарэвіча
Я ведаю толькі адно месца ў горадзе,
у якім ёсць час і кубікі не падаюць.
Бо там і самі кубікі з пустаты.
Пустату немагчыма зруйнаваць.
Аднойчы я пазнаёмілася з хлопцам, які жыў у Шабанах, а потым яго сям'я пераехала ў іншы раён Мінска. Глухі раён "аутсайдараў", зборы хлопцаў "сценкай на сценку", культурныя сходы будаўнікоў каля пад'ездаў, крымінал уначы - такімі Шабаны маляваліся ў маіх думках. Нягледзячы на такое перадузятае ўяўленне, гэты раён усё роўна вабіў нейкай адчужанасцю, ізаляванасцю ад сусвету. Ён здаваўся таемным, містычным светам, куды паехаць адной было ўсё-ткі страшна.
"Шабаны вы мае, Шабаны, дайце зараз я вас пацалую", - гэтым сказам пачынаецца першая глава рамана. Хіба гэта не нагадвае Ясеніна, які ўсхваліў і ўзнёс "рязанские раздолья" (маю на ўвазе верш "Шаганэ") ? Для Альгерда Бахарэвіча Шабаны – месца, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва. Каму лепш ведаць гэта месца, як не таму, хто там вырас? Але адной задумы распавесці пра ўзнікненне свайго раёна, які праслаўлены далёка не добрай гаворкай, замала.
Раман існуе ў дзвюх сюжэтных лініях: уласна раманнай і мемуарна-эсэістычнай. Знаёмы для чытача, звычайны сюжэт пераплятаецца з міфалогіяй "Шабаноў Бахарэвіча". Пра дакладны час дзеяння паведамляецца ў мемуарна-эсэістычнай лініі рамана. Яно пачынаецца "зорнай травеньскай ноччу 1995 года" ў Зялёным Лузе. Галоўны герой твора – Сафія – гатуе абед і спрачаецца са сваім мужам – Сіманенкам – наконт мяса, якое ён прынёс дадому (свініна ці ялавічына?). Да кансэнсусу прыйсці не атрымалася, і Сафія схавала кавалак мяса ў лядоўню, а праз два дні дастала, каб размарозіць. Некалькі дзён прастаяла так мяса, бо яны то абедалі не ў хаце, то ў Сафіі балела галава, каб гатаваць. У выніку Сіманенка выйшаў у тапачках выкінуць смецце і болей не вярнуўся дадому. Што можа злучаць дзве паралельныя лініі твора? Мова. У такой жа ступені, як пра Шабаны, раман напісаны пра мову.
Паводле тэорыі акадэміка Мара, усе словы маюць паходжанне ад чатырох першасных элементаў "Сал-Бэн-Рош-Ён". На гэтай тэорыі была пабудована яфетыдалогія - тэорыя паходжання, гісторыі і "класавай сутнасці" мовы.

Сапраўдная яфетыдалогія Мікалая Мара ўключала "Бэр", які Бахарэвіч замяніў на "Бэн". Заснавальнік псеўданавукі лічыў, што мова з'явілася ад "працоўных выкрыкаў" у выніку "гукавой рэвалюцыі" і была звязаная з пачаткам працоўнай дзейнасці чалавека. Гэта тэорыя была дастаткова папулярнай у 1920-1930-я гады і карысталася дзяржаўнай падтрымкай у Савецкім Саюзе.

Бахарэвіч сімвалічна абыгрывае тэорыю: "Сал-Бэн-Рош-Ён" адлюстроўваецца ў назвах галоўных шабаноўскіх вуліц (Сяліцкага, Бачылы, Ротмістрава), у імёнах шабаноўскіх будаўнікоў (Саня, Веня, Ёлкін), якія рамантуюць кватэру Сафіі. Праэлементы вымаўляюць людзі, не заўважаючы гэтага і не ведаючы, адкуль пайшлі словы і што яны наогул значаць.

Мікалай Якаўлевіч Мар, расійскі і савецкі ўсходазнавец, філолаг, гісторык, этнограф, археолаг, заснавальнік яфетыдалогіі
Менавіта гэты прыём дазваляе аўтару ствараць пункты сутыкнення дзвюх ліній. У мемуарна-эсэістычнай лініі герой праходзіць пешкі шлях ад Зялёнага Лугу да Шабаноў і паступова адкрывае чытачу таямніцы роднага раёна. Бахарэвіч паказвае здольнасці мовы дзіўным чынам: асацыяцыі, якія ўзнікаюць са словам праз спалучэнне гукаў ці асаблівыя граматычныя паказчыкі, наводзяць на яго лексічнае значэнне або на сферу ўжывання ці паходжанне прадмета, які называюць гэтым словам. Напрыклад, "Ротмістраў" – прозвішча, якое мае ў "гукавым разрэзе" нешта вайсковае і гастранамічнае. Не "рэстараннае, а хутчэй сталоўскае", бо ёсць і "рот", і "міса", і "страва".
Шабаны – гэта феномен беларускай рэчаіснасці. Шабаны можна знайсці ў любым еўрапейскім горадзе.

"Могілкі" пад'ёмных кранаў у Шабанах
Шабаны нельга апісаць ні адным словам, ні сказам. Нельга даць адназначную ацэнку. Нейкай містычнай сілай яны цябе прыцягваюць, як толькі з імі знаёмішся.

Пра ізаляванасць раёна, адарванасць яго ад горада, нязменнасць і замкнёнасць ва ўласных законах сведчыць той факт, што "ў Шабаны хутка правядуць мэтро". Гэтыя словы паўтараюцца зноў і зноў. Ужо прайшло восем гадоў з часу выдання рамана (а гэта здарылася ў 2012 годзе), а метро ў Шабаны па-ранейшаму не ходзіць. Сярод дзясяткаў аб'яў Сафія даверылася маленькаму полю ў газеце з нумарам менавіта шабаноўскіх будаўнікоў.

Нягледзячы на тое, што шлях да Шабаноў ляжаў праз гадзіны ў спёртых, поўных людзей аўтобусах, Сафія не заўважыла, як мінуў час, і здзівілася, што дабралася вельмі хутка. Яшчэ на пад'ездзе да раёна ў Сафіі з'явілася адчуванне, што яны з Данілам "набліжаюцца да нейкае гавані". Дамы ёй падаваліся агромністымі шэрымі караблямі, а гукі вакол нагадвалі "цяжкі грукат падыманых якараў". Дарэчы, Даніла – гэта Сіманенкаў брат, які нечакана з'явіўся на парозе кватэры Сафіі, прыехаўшы з-за мяжы, і застаўся ў ёй жыць.
Даніла пазнаёміў Сафію з Шабанамі, дзе хацеў стварыць студыю для самарэалізацыі: Сіманенка-другі займаўся мастацкай дэструкцыяй (руйнаваў рэчы). Паміж гэтым героем і вобразам самога Бахарэвіча ў творы ёсць сувязь. Як і аўтар рамана, Даніла правёў дзяцінства ў Шабанах, пазней выехаў у Германію і ўрэшце вярнуўся ў Беларусь. У пачатку рамана пісьменнік піша, што Шабаны – гэта феномен беларускай рэчаіснасці. Шабаны можна знайсці ў любым еўрапейскім горадзе.
"Куды б я ні паехаў, куды б ні паляцеў, Шабаны сустракаліся мне па ўсім кантынэнце. У Берліне й Любляне, у Празе і Кёльне, у Львове і Парыжы, у Варшаве і Гамбургу, у Брусэлі і Рыме, у Грацы і Вільні я бачыў іх, яны паказваліся не адразу, паволі выпаўзаючы з-за сярэдневечных пабудоваў, з-за ўсіх гэтых замкаў і палацаў, цэркваў і фартэцый, заводаў і аэрапортаў, гатэляў і мастоў, з-за чыгункі, па якой ад мяне ўцякаў чарговы горад".

Альгерд Бахарэвіч на першай прэзентацыі кнігі ў 2012 годзе
Гэты містычны раён атрымаў назву ад вёскі, якая знаходзілася ад яго за тры кіламетры на паўднёвы захад. Новыя Шабаны з'явіліся паміж Малым і Вялікім Трасцянцом, у месцы лютых катаванняў і крывавых пакут. Менавіта тут яшчэ менш за шэсцьдзясят гадоў таму (палічым ад часу рамана) размяшчаўся самы вялікі канцэнтрацыйны лагер на тэрыторыі Беларусі.

"Шабаны, яны наогул на касьцях стаяць…", – кажа гісторык Саланевіч, якога Сафія з Данілам сустракаюць ля "абэліску". Гэта адзін з герояў, якога ўводзіць аўтар, каб раскрыць сэнсавы пласт твора. Герой вучыць жыць, пераймаючы час, не спяшацца і быць памяркоўным, існаваць разам з часам, "жыць як набяжыць". Але гэта значыць не бяздзейнічаць, а мець раўнавагу і гармонію, умець кіраваць сваімі думкамі, пачуццямі, словамі, учынкамі. Гэта цяжка, як кажа Саланевіч, але "час – адзінае, на што мы мусім быць падобныя". Жыццё – адзіны час чалавека на гэтым свеце – галоўнае, што ў нас ёсць. Гэта тое, на што мае права кожны чалавек, калі нараджаецца. Людзі, якія пахаваныя на шабаноўскіх могілках, якіх знішчылі там, дзе стаіць "абэліск", "былі гвалтоўна вырваныя з часу". Чалавек, якім бы царом над прыродай ён ні лічыў сябе, не мае ўлады над часам.
"Войны, рэвалюцыі, злачынствы – усё гэта бунт супраць часу. Спроба завалодаць ім, дыктаваць часу сваю волю, гнаць яго з такой хуткасьцю, зь якой хочаш. Хаця як мы можам нават думаць пра такое – каб самім вызначаць хуткасьць часу? Як гэта нахабна, наіўна, як бессэнсоўна! Нічога добрага з гэтага яшчэ ні ў кога не атрымлівалася."


Шабаны сталі ў якімсьці сэнсе месцам, вырваным з часу. "Можа, сэнс Шабаноў у тым, каб быць нейкім папярэджаньнем? У тым, каб сабе на шкоду іншых вучыць…", – задуменна кажа Саланевіч. Гэтае пытанне застаецца без адказу.
Яшчэ адным героем, неабходным для разумення галоўнай праблемы рамана, з'яўляецца Старцаў. "Сінюга", "бомж", "пітух" – так называе яго Сафія, і, напэўна, не толькі яна. Калісьці Старцаў вёў звычайны лад жыцця, працаваў, у яго была жонка і два сыны. Потым яны пераехалі на радзіму жонкі – Германію. Гэтую гісторыю Старцаў распавядае Сафіі і Данілу. Прыстасавацца ў Германіі было цяжка абаім. Магчыма, жонка Старцава адвыкла ад нямецкага краю. "Вось, знаеце, адчуванне такое было: ну ўсё нібыта нармальна, а чагосьці не хапае", – распавядае Старцаў. Увогуле немагчыма стала там жыць – вярнуліся яны назад. Ды што? Тут усё змянілася, жонка памерла праз год, сыны засталіся ў Германіі, стасункі з імі абарваліся. Застаўся Старцаў адзін і страціў сваё аблічча…
Мова, гісторыя, а што яшчэ?
Альгерд Бахарэвіч акрэслівае праблему эміграцыі і вяртання. Сам аўтар з 2007 па 2013 год жыў у Гамбургу. У сакавіку 2012 года Бахарэвіч прэзентаваў раман у Мінску. Такім чынам, не ў Мінску пісаўся твор, а сярод "гамбургскіх Шабаноў". Паводле слоў Бахарэвіча падчас прэзентацыі рамана, яму было цяжка далей заставацца жыць у Шабанах, ён адчуваў сябе "ў няволі". Аднак нават за мяжой пісьменніку не аднойчы прышлося сустрэць Шабаны.

"Ці магчыма гэта наогул — кудысьці вярнуцца?" – пытаецца Даніла ў Сафіі. Чалавек кожны дзень прачынаецца новай асобай. За дзень ён адкрывае для сябе штосьці дагэтуль невядомае, знаёміцца з кімсьці, бачыць тое, што не было відаць учора.

"Калі ты пакідаеш нейкае месца і потым вяртаешся туды — хіба ты вярнуўся туды ж, дзе быў?" – зноў гучыць пытанне Данілы. Як чалавек, мяняецца і месца.
" Але ўсё стала старэйшае — на год, на дзень, на хвіліну… І ты прапусьціў гэтае ператварэньне. Не перажыў гэты момант разам зь месцам, куды вяртаешся. Таму ты кожны раз прыяжджаеш у новае месца, нават калі там нарадзіўся. І мусіш наноў асвойвацца, прыстасоўвацца, прыладжваць сябе ў прасторы, вучыцца наноў пасьпяваць за мясцовым часам. "

Аднак ёсць месца, куда магчыма вярнуцца. Месца, дзе спыніўся час і нічога не мяняецца, дзе ты страціў "цацачнага індзейца". Што гэта – метафара ўспамінаў, дзяцінства, самога часу?.. Пакуль індзеец ляжыць у сваім сховішчы і ніхто ня здольны адшукаць яго, нічога ня зьменіцца. Займеньнікі зьявяцца, а дзеясловы не.
Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік сучаснасці, піша пра сённяшнюю Беларусь і яе людзей, пра тое, што ў іх ёсць. У значнай ступені раман з'яўляецца аўтабіяграфічным: успаміны аўтара пра маладосць пераплятаюцца ў эсэістычнай лініі твора. А ці сапраўды Шабаны зніклі? Магчыма, яны існуюць для цябе, пакуль там застаецца твой "цацачны індзеец". Магчыма, яны пазбаўляюць волі і звязваюць рукі. Магчыма, яны застаюцца з табой на ўсё жыццё.
Шабаны не падлягаюць разуменьню, лёгіка тут ня дзейнічае. Як, нават добра валодаючы замежнай мовай, ты можаш не разумець ні храна з таго, што кажа табе яе носьбіт, з-за яго няправільнай дыкцыі — так і Шабаны немагчыма спазнаць да канца, нават нарадзіўшыся тут.