МЕНЕСТРЕЛЬ
МЕНЕСТРЕЛЬ
Екатерина Кривошеева

Садомская яблыня

Рэцэнзія на кнігу Алены Брава
Некалькі слоў пра аўтарку
Пісьменніца і журналістка Алена Брава, ураджэнка Барысава, вядомая сваімі творамі «Каменданцкі час для ластавак» (2004), які быў ўганараваны прэміяй «Гліняны Вялес» Таварыства Вольных Літаратараў, «Рай даўно перанаселены» (2012), «Дараванне/ Прощение/ Vergebung» (2013 — з перакладам на рускую і нямецкую мовы).

Яе творчасць была ацэнена і за мяжой. За кнігі «Каханне ў ценю казарм Манкада», «Спектакль у чорным тэатры», «Менада і яе сатыры» Алена была ўзнагароджана літаратурнай прэміяй «Silver Bullet» («Сярэбраная куля») выдавецтва «Franc-Tireur USA». Кнігі ўваходзілі ў лонг- і шорт-ліст літаратурнай прэміі Ежы Гедройца (2013, 2014).
"Садомская яблыня" - апошняя выдадзеная кніга Алены Брава на дадзены момант. Не так даўно, у снежні 2018 года, раман быў выпушчаны і хутка атрымаў выдатныя водгукі. Партал TUT.by нават улучыў "Садомскую яблыню" ў топ найлепшых кніг 2018 года.
Гэты раман - сукупнасць успамінаў, думак і разважанняў журналісткі Інгі Куродым, якая вядзе аповед пра сваё жыццё-існаванне ў няісным горадзе Мірапольску.

У саркастычнай манеры, з доляй чорнага гумару і ўжываннем розных міфалагічных параўнанняў, у кнізе ўзнімаецца шэраг сацыяльных праблем, у большасці звязаных з успрыманнем жанчыны грамадствам.
На чале ўсяго знаходзіцца Сінкліт мудрых жанчын, які ўпэўнена сцвярджае кожнай кабеце:
"Мужчына - галава,
жанчына - шыя".
"Галоўнае для "деушки" - удала пабрацца".
"Ты маці, забудзь пра сябе".
А гэта наогул трэба ведаць як мантру: "Прыстасоўвайся. Не вытыркайся наперад. Не праяўляй ініцыятыву. Чакай пакуль прыйдзе ЁН, і будзе табе шчасце. Сцерпіцца - злюбіцца. І ўвогуле - цярпі. Будзь камфортнай для навакольных. Будзь клапатлівай, ветлівай, мяккай - карацей, жаноцкай. А ў астатнім незаўважнай - то-бок будзь нікім". Сюды яшчэ далучаецца улюбёнае "ты ж жанчына", што з самага маленства кантралюе паводзіны кожнай з гуртку "Слабая палова чалавецтва".

Алена Брава ўздымае ў рамане пытанні цяжарнасці і аборту. Праз што праходзіць жанчына, седзячы ў кабінеце Збаўцы, які дзень і ноч важдаецца з гэтай "другаснай сыравінай"? Хто вінаваты ў цяжарнасці: прырода ці жанчына?
Інга Куродым з'едліва апісвае праблемы сэксуальнай аб'ектывацыі жанчын: рэкламныя піяр-хады, зробленыя для мужчын , адзенне, у якім жанчына павінна хадзіць, каб быць жаданай і г.д. Але страшней за ўсё тое, што жанчыны самі ідуць на гэтыя рынкі адзення, стаяць на кардонках у маразы, каб купіць плён сучаснай "квазіэратычнай моды" і спадабацца ЯМУ. Прыгажосць патрабуе ахвяр.
У кнізе таксама закранаюцца актуальныя праблемы грамадства, з якімі сутыкаецца не толькі жанчына, напрыклад: алкагалізм, жыццё ў маленькім горадзе, бюракратыя, карупцыя, зняцэньванне індывідуальнасці, гендарныя стэрэатыпы.


Плёнам асэнсавання адносін паміж мужчынам і жанчынай з'яўляецца прыдуманы Інгай сцэнар пазітыўных конкурсаў у дзіцячым садку "Ягадка". Тут і перакідванне мячыкамі намёкаў, і кіданне кольцаў надзеі, і перасячэнне намаляванай каляровай крэйдай мяжы дазволенага, і кіднепінг "Я"-Дзіцёнка мужчыны, а таксама перацягванне вяроўкі слушнасці ды адпрацоўка ўдараў па самалюбстве адно аднаго.

Інга Куродым нарадзілася ў краіне, дзе "страх нараджаўся раней за чалавека", дзе салдаты "смела ўступалі ў чужыя сталіцы, але вярталіся ў страху ў сваю". У Чырвонай імперыі страх вымушаў "выхоўваць дзяўчынак пасіўнымі ды пакорлівымі", каб уратаваць патомства. У сваёй слабасці ды ў слабасці іншых людзей журналістка вінаваціць менавіта савецкую ідэалогію, якая зруйнавала жыцці людзей, іх права на прыватнасць і свабоду.

Чацвёртая частка рамана вылучаецца сярод астатніх пяці па структуры. Замест звыклых назваў глаў перад намі пранумараваныя карткі выкліку хуткай дапамогі, на якіх Інга Куродым піша ліст мужчыне. Прытым запаўняе яна гэтыя карты ў адпаведнасці з інструкцыяй: спачатку перадгісторыя хваробы, потым алергаанамнез, аб'ектыўныя дадзеныя агляду, anamnesis morbi (як даўно пацыент хварэе, калі стан пачаў абвастрацца і ў чым ён выяўляецца), status totalis (агульны статус).
Усё пачынаецца з нараджэння. Да якой літары ты падыходзіш: да "Ж" ці да "М"? Калі да "Ж", то гэта твая перадгісторыя хваробы... Вырашальны момант пераўтварэня схільнасцей у сапраўдную хваробу - разуменне сваёй слабасці перад тварам жыцця, калі пачынаеш усведамляць, што табе тут адведзена адна роля, прычым раз і назаўжды.

Сутнасць жа хваробы ў тым, што жанчына не можа "забыцца" (як гэта робяць астатнія) і дакладна ўсведамляе прычыны праблемы, але самае галоўнае: нічога не можа з гэтым зрабіць. Гэта душыць і мардуе, ты пачынаеш абмінаць вокны, каб наўмысна туды не зваліцца.

На каго ты зараз падобная?

Бамжыха Анька, чый труп знайшлі сярод бруднага рыззя, апынулася тваёй маці. Настаўніца, якую ты абрала сабе ў якасці "сапраўднай маці" замест той, што цябе кінула, памерла праз паўгода ад раку грудзей.
Жанчына-паўтруп, якую муж абліў бензінам і падпаліў, ляжала на калідоры ў раённай бальніцы, пакуль ты, гледзячы на яе, унушала сабе, што некаторым яшчэ горш. Твар жанчыны, якая скрала нейкія харчы ў краме і на судзе якой ты прысутнічала, быў увесь у кровападцёках ад гвалту. Гэта твой твар збіты і сачыцца крывёю, гэта ты абгарэлы паўтруп. Толькі гэтага ніхто не бачыць і не ведае.

Жыццё жанчыны - плод садомскай яблыні. На першы погляд смачны і сакавіты, на самай справе - попел у абалонцы.