БДСМ У БЕЛАРУСІ
Субкультура вычварэнцаў альбо месца эстэтаў болю?
(АРТЫКУЛ 18+)
ГІСТОРЫЯ РЫГОРА.
Апошнім часам, калі ідзе абмеркаванне інтымнай сферы жыцця чалавека, у прыватных камунікацыях, сацсетках, усё часцей можна заўважыць схільнасць людзей, асабліва маладога ўзросту, да пазіцыі адкрытасці і талерантнасці да сэксуальнага жыцця кожнага. Гэта праяўляецца як у самім факце таго, што на тэму сэксу, свайго сэксуальнага жыцця можна гаварыць адкрыта, так і ў дастаткова лаяльным стаўленні да розных яго праяваў – і тут перш за ўсё гаворка ідзе пра сэксуальную арыентацыю чалавека.

Аднак, калі казаць пра спецыфічнасць такіх сэксуальных схільнасцяў, як, напрыклад, садамазахізм, тут можна пачуць зусім розныя думкі.
Мне падаецца, так ці інакш, кожны з нас мае пэўнае ўяўленне пра дадзеную тэму. Шмат хто ставіцца да гэтага як да сэксуальнага вычварэнцтва, а тых, хто гэта практыкуе, лічаць псіхічна хворымі. Але час ад часу можна пачуць выказванні накшталт: “Кожны мае права атрымліваць задавальненне ад сэксуальнага жыцця так, як яму падабаецца”, ці “Калі ў адносінах гэта задавальняе партнёраў, чаму б і не”.
У апошнім выпадку гаворка ідзе, напэўна, пра найбольш прыстасаваную і, калі можна так казаць, легальную форму такіх зносінаў, як БДСМ. Чаму менавіта гэтая тэма зацікавіла нас? За апошні час можна заўважыць немалы попыт на БДСМ-атрыбутыку і ўвогуле на тэму БДСМ.
Чаму так? Што гэта ўвогуле азначае - быць БДСМ-шчыкам? Пра гэта мы будзем размаўляць як раз з тымі, хто знаходзіцца ў дадзенай тэме. Мы не будзем рабіць ніякіх высноў, а проста пачуем іх адказы, хай нават і на зусім нязручныя пытанні.
Як ужо было адзначана раней, БДСМ – элемент садамазахісцкай культуры, гэта можна ўглядзець нават у самой абрэвіятуры: BD (Bondage & Discipline — Звязванне і Дысцыпліна (Выхаванне)), DS (Domination & Submission — Дамінаванне і Падначаленне) і SM (Sadism & Masochism — Садызм і Мазахізм). Але ці ёсць адрозненне ў дадзеным выпадку ад, так бы мовіць, “чыстага” садамазахізму?

БДСМ ў гэтым плане выступае як яго сацыялізаваная форма са сваімі прынцыпамі, асноўныя з якіх: бяспека (удзельнікі практык павінны зрабіць усё для таго, каб ніхто з іх не атрымаў фізічную ці псіхічную шкоду ад БДСМ-дзяенняў, у крайнім выпадку кожны можа сказаць стоп-слова, якое адразу спыняе працэс), добраахвотнасць (партнёры ў БДСМ “працуюць” толькі па ўзаемнай згодзе), разумнасць (кожны ўдзельнік працэсу сам нясе адказнасць за магчымыя наступствы, па-за залежнасцю ад таго, якую ролю ён выконвае ў БДСМ).

Аднак, якія фактары ўплываюць на тое, што для адных БДСМ – прымальная форма сэксуальных паводзінаў, для іншых – сэксуальнае адхіленне?

Дзеля гэтага мы вырашылі пагутарыць з мясцовымі арганізатарамі і практыкамі БДСМ. Першы наш суразмоўца Рыгор Шыбека - арганізатар шыбары-практык, тэматычных мерапрыемстваў.
— Як бы ты сам сябе вызначыў у тым, чым займаешся ў сферы БДСМ?
Рыгор: Я арганізатар усяго, што звязана з шыбары-тэматыкай у Беларусі, адміністратар суполкі “...”, арганізатар і стваральнік гэтых мерапрыемстваў, вяду сацсеткі суполкі. Я не ведаю дакладна, як сябе вызначыць, - напэўна, арганізатар і папулярызатар шыбары ў Беларусі. Калі казаць агулам, у плане БДСМ - садамазахіст, чалавек, які робіць і сам прымае боль, мучыць людзей і паказвае, як гэта рабіць больш бяспечна.
— На дадзены момант для цябе гэта асноўны від дзейнасці?
— Зараз - так. З-за таго, што ў Беларусі не было амаль нічога пасля смерці Міхаіла Балабанчыка, на якім трымалася ўсё. Мы сталі даставаць вяроўкі, і выявілася, што іх неадкуль даставаць. Вынік - сталі самі іх круціць. Гэта адна дзейнасць. Далей мы знайшлі сэкс-шоп, дзе можна рабіць майстар-класы, адукацыйныя рэчы. Акрамя таго, гэта і анлайн-заняткі, у тым ліку і з замежнікамі. І першыя гады я сам усё арганізоўваў, “у адно рыла”, але потым паціху сталі падцягвацца людзі, суполка разрасталася, з’явіліся новыя людзі, SMM-шчыкі і арганізатары, іншыя пляцоўкі.

На пачатку года мы рабілі “...” і атрымалі дазвол ад райвыканкама з пазнакай “12+” як японскае мастацтва. А ўжо якое… Настолькі вось мы легітымізавалі ў вачах улады і грамадства шыбары. Я лічу гэта поспехам у нашай пурытанскай краіне, дзе за грудзі на сцэне ў арганізатараў з’яўляліся сур’ёзныя праблемы (калі ты нікому на лапу не даеш). А ў нас гэта ідэальны стан, калі шыбары - гэта як нагода сабрацца, рабіць нешта легальна і не баяцца, што прыйдзе АМАП.
— Як ты прыйшоў да гэтага?
— У 2012 годзе. І па іроніі, калі ты ў Беларусі пачынаеш нечым цікавіцца, праз два гады ты ведаеш усіх. У 2012 годзе ў суседнім ад мяне доме сабралася купка маргіналаў, як мне падалося. Калі я даведаўся, што гэта шыбарысты, я пацікавіўся: “О, парнуха, прыкольна!”. На той момант мне было страшна самотна, і калі я прыйшоў туды, то трапіў у іншы сусвет, - настолькі гэта адрознівалася ад маіх уражанняў. Я трапіў у асяроддзе, у якім адчуваў сябе камфортна - у асяроддзе гікаў-фрыкаў, якія цікавяцца вельмі спецыфічным выкарыстаннем вяроўкі. Дагэтуль я зусім такім не цікавіўся - з нейкага форума анімэшнікаў я даведаўся, што будзе такая вечарына.

Надзея Макеева

— Як ты думаеш, чаму гэта чапляе адных, і не чапляе іншых?
— Калі казаць пра сябе - да 2012 года я цікавіўся ўвогуле ўсім. Як прыклад, улез у фонд Крэўскага замку, паехаў на раскопы, арганізаваныя ByMetal. Паўсюдна, дзе я знаходзіў нейкі новы дзвіж, людзей, якія нешта ствараюць, я зацікаўліваўся. Так атрымался, што зацікавіўся і гэтым.
— Адрозненні шыбары ад БДСМ увогуле (гэта больш пра эстэтыку, ці пра (сэксуальнае) задавальненне)?
— Шыбары з японскай - “звязаць”. То бок звязаць матузочкі на ботах, звязаць падарунак. Калі пытаешся па такой тэме ў японца, чым ён займаецца, адказ - “shibarito”. А ў амерыканцаў гэта ўжо паспела замацавацца як эратычныя звязванні з болевымі альбо эстэтычнымі нагодамі. Пасля таго, як японцы намагаліся ўвесці паняцце “кінбаку”, - эратычнае болевае прыняцце палону чалавекам па пэўным алгарытмам. Але гэтае слова не прыжылося.

А паколькі мы - дзеці заходняй культуры, для нас шыбары гэта японскі стыль звязвання, не проста набабіньванне вяроўкі вакол чалавека - гэта ўжо бандаж альбо erotic esthetic macrame (занятак выключна эстэтыкі). Бандаж - гэта калодкі, ланцугі, каб зафіксаваць чалавека, прынізіць, высекчы. Шыбары - алгарытм, гэта працэс дыялогу ад моманту палону і да развязвання (апошняе таксама дастаткова істотны працэс), катавання (калі гэта такая мэта ў людзей), прыгожага фотасэта.

То бок, яшчэ раз, шыбары - гэта працэс, бандаж - фіксацыя, эстэтыка - erotic esthetic macrame.

— Перад інтэрв’ю ў нашай размове ты вымавіў фразу “Я вычварэнец”. Гэта была іронія?
— Канстатацыя факта. Мне падабаецца, калі людзі іранізуюць над тым, калі патрэбныя нечыя апраўданні, пацверджанні, што ты сапраўдны БДСМ-шчык, ці дамінант. Я ведаю прыкольную гісторыю, калі Балабанчык прыехаў з Львова, і там яму жартоўна за ўдзел у нейкім мерапрыемстве далі дыплом “ганаровага вычварэнца”. І ён гэта потым усім паказваў, маўляў, я дыапламаваны вычварэнец!

Калі сур’ёзна - так, я разумею, якія нормы прысутнічаюць сёння ў грамадстве, разумею ролю рэлігіі, і мае зацікаўленасці - вычварэнства для большасці людзей. І я не запіхваю гэта ва ўсе дзіркі, я проста хачу, каб была яшчэ адна магчымасць вывучэння сябе, знайсці такіх жа аднадумцаў, якім гэта таксама падабаецца. Бо зараз па-сапраўднаму ідзе блытаніна паміж сапраўдным БДСМ і фетышам: калі ў нейкім караоке-бары альбо “Законе бутэрброда” анансвана БДСМ-вечарына, прыходзячы туды, мы бачым там дзяўчатак ў масках коцікаў ці яшчэ некага. Яны цікавяцца візуалам - адбылася фетышызацыя элементаў БДСМ, якая нармалізуе для іншых людзей гэтыя вычварэнствы, - адсюль і адказ на пытанне, ці карыстаецца БДСМ папулярнасцю сярод беларусаў - іх цікавіць візуал, фетышызаваныя рэчы.

А калі такія людзі трапляюць да сапраўдных, глыбока занураных у гэтую тэму людзей, якія па-сапраўднаму адыгрываюць пераўтварэнне ў жывёлаў, і чалавек адкідвае ўсё чалавечае, у такіх людзей гэта выклікае жах - яны не разумеюць, як можна так паглыбляцца, кайфаваць ад ралявых гульняў. Гэта блытаніна фетыша і БДСМ, калі змяшчаецца акцэнт з сябе на візуал.

Таму, калі ты кажаш, што з апошнім часам БДСМ карыстаецца папулярнасцю сярод людзей, - гэта не сам БДСМ, гэта візуал. Гэта паўсюдная з’ява, але ў Беларусі яна асабліва адбываецца праз зашоранасць, адсутнасць прапрацоўкі эратызацыі страшэннага - я б параўноваў нават з Далёкім Усходам, але ў нас больш даступны інтэрнэт і ў людзей больш магчымасцяў ездзіць за мяжу, у Еўропу, глядзець, як гэта адбываецца ў вольным грамадстве.
— Такая закрытасць - асноўнае, з-за чаго людзі ў БДСМ-тэме баяцца паказаць сябе?
— На маю думку, гэта перш за ўсё праз дурныя законы. Не настолькі, як у Расеі, але ў нас - рэлігіязаванае да шызоіднасці грамадства, уплыў стэрэатыпаў, асуджэнне. Калі мы неяк зрабілі фестываль і пра гэта напісаў TUT.BY, мне паблагела ад каментароў пад матэрыялам. “Садаміты”, “вычварэнцы”, “не, каб чым нармальным заняцца” - гэтыя пастулаты паўсюдна.

З размовы 2019 года:
Калі ты пытаешся пра рэакцыю з боку грамадства, звыкла ўсе карыстаюцца нікамі ці выдуманымі імёнамі, бо сапраўды такое "хобі" шмат для каго значыць канец кар'еры ці нават турботы з соцапекай. І зноў жа гэта асноўная нагода хавацца - праца альбо сям'я. Шмат хто сумяшчае "тэматычнае жыццё" з так званым "ванільным", то бок звычайным.
— То бок, ты лічыш, грамадства мае прыняць БДСМ?
— Не, я разумею нормы сэксуальнасці і разумею, у які бок яны змясціліся. Калі такія рэчы, як кунілінігус, анальны сэкс і парнаграфія, успрымаюцца зусім нармальна, іншыя эксперыменты са сваёй тактыльнасцю, з болем - яшчэ табуізаваныя. Яны могуць выклікаць праблемы з пункту гледжання заканадаўства: ювенальная юстыцыя працуе ва ўсю. Калі, напрыклад, фоткі нейкай маці з нейкай вечарыны засвецяцца, што потым з гэтага будзе? Няма такога закону пра БДСМ, пра добраахвотнае прыняцце болю - яны завядуць справу (за нанясенне цялесных пашкоджанняў), хочаш ты гэтага ці не. Калі чалавек захоча, ён можа з лёгкасцю пайсці здаць пабоі, і чалавек, які гэта праводзіў, ніяк не будзе ад гэтага абаронены.

З размовы 2019 года:
Наконт пытання пра прымальнасць ці непрымальнасць – увогуле, БДСМ-культура як такая пісала ў сваіх пастулатах, што, вось, мы людзі, якія робяць розныя практыкі, у тым ліку псіхалагічныя. Але нават у самой БДСМ-камуне існуе некалькі канфліктных сістэм успрыняцця рэчаіснасці, сусвету, адэкватнасці.

Гэта так званы БДР (бяспечнасць, добраахвотнасць, разумнасць) і Risk-aware consensual kink (двое дарослых людзей пагаджаюцца на ўзаемадзеянне адзін з адным, і яны абодва ведаюць пра рызыкі, абодва пагадзіліся на сэксуальнае дзеянне). Нават, калі яны захочуць з’есці адзін аднаго, гэта іх права, абы ўсе былі згодныя.

Для кагосьці гэта нармалёва: пароць, умець пароць, да крывавай дупы, да паломы “дэвайсаў”; для кагосьці разагрэў выключна скурнымі дэвайсамі, каб ніякіх не было гематом, сінякоў. А камусьці зусім нармальна сустрэцца з мадэллю, сказаць: “я садыст”, зламаць ёй пару костак, ці нешта такое, сказаць: “вось, у мяне ёсць такі флогер, такая плётка, якая рассякае скуру”, паказаць “бачыш, як я ўмею” і сысці ў лес, не браць на сябе ніякай адказнасці.

Вось менавіта тое, што ў нас табуізавана БДСМ-культура, прывяло да таго, што БДСМ у нас ёсць, а культуры няма. У нас ёсць абасобленыя неадэкватныя людзі, у якіх няма меры. Таму сярод групы неадэкватных людзей адэкватны становіцца, вакол якога ўсё круціцца, да яго прыходзяць новыя людзі. Бо да неадэкватных людзі не прыходзяць альбо прыходзяць толькі адзін раз. Таму быць часткай ЛГБТ – прымальна, бо там зразумела, што будзе адбывацца, а БДСМ – часткай чаго, якога погляду, якога майстра?

БДСМ не сфарміраваная ў нас як нейкая школа тэхнікаў і культуры, з-за гэтага (у першую чаргу з-за гэтага) яна непрымальная. А цераз тое, што яна непрымальная, мы самі не можам пазбавіцца ад неадэкватаў, то бок на нашыя party, злёты, шыбарыстаў у тым ліку, прыходзяць БДСМ-шчыкі больш хардкорнага гатунку. І мы не можам выклікаць міліцыю, таму што заграбуць усіх. І таму пазбаўляцца ад неадэкватаў даводзіцца, так бы мовіць, паўлегальнымі метадамі. То бок – у нос, і за дзверы.
— Як да гэтага паставіліся твае блізкія, наколькі змянілася тваё акружэнне?
— Акружэнне сацыяльна-сямейнага, старасяброўскага тыпу змянілася цалкам. З новымі сябрамі і тым, што было ў падлеткавым узросце, наадварот, палепшылася: я перасякаўся і дагэтуль ў розных нефармальных тусоўках з аднымі і тымі ж людзьмі, што і зараз. Хто займаўся арганізацыяй канцэртаў, анімэ-культуры - з імі жа я і перасякаюся на вычварэнцкай тусоўцы, бо яны актыўныя, дзейныя, ім цікава ўсё нефармальнае. Я запрашаю іх на свае мерапрыемствы, каб там яны класна змаглі зрабіць тое, што яны робяць зараз.
— Наколькі БДСМ паглынае чалавека псіхалагічна, ягоную асабістасць? Некаторыя кажуць, маўляў, такія “ўхіленні” як садамаза ці проста захапленне БДСМ - быццам бы выраст на целе, які забірае ў цябе шмат энергіі, але ўсё ж не з’яўляецца часткай цябе - ці згодны ты з такім, альбо такія рэчы настолькі ўсепаглынальныя?
— Гэта звязана з тым, што людзі раздзяляюць і пераключаюцца з ролі на ролю. Адкрытых вычварэнцаў, БДСМ-шчыкаў у нас вельмі мала. Для некаторых гэта проста рытуалізавана - калі нехта чапляе сабе ашыйнік і пачынаецца гульня. І тут можа пачацца раздваенне. Я сам адкрыты вычварэнец, я прйняў для сябе, што мне падабаюцца такія рэчы, гэта стала часткай мяне. Я разумею, што для многіх гэта няпроста, пераключыцца няпроста. Некаторыя людзі намагаюцца закідаць гэта медыкаментозна, алкаголем, каб пераключыцца на іншую ролю. Я асабіста гэтага не прымаю, на маю думку, вучыцца вывучаць сябе і сваё цела трэба на цвярозую галаву.
— Што зараз адбываецца з БДСМ-супольнасцю ў Беларусі?
З размовы 2019 года:
Дакладна 5 ці 6 гадоў таму БДСМ-тусоўка была нашмат жывой, яе росквіт прыпаў на 2010 – 2014 год, у нас было шмат закрытых БДСМ-party, катэджнікаў даволі шмат збіралася, у прынцыпе нешта рабілі. Мерапрыемствы праходзілі ў тым ліку і ў лесе, катэджнікі сістэматычна праводзіліся таксама ў некалькіх групоўках, пераважна маладняку, алкаголікаў, статусных людзей. Статусных у тым сенсе, што праводзілі статусныя мерапрыемствы, з пэўнымі акалічнасцямі, то бок “ты – верхні, я – ніжні”, вельмі даражылі такой формай адносінаў паміж сабой, як прыклад, не дазвалялася ніжняму размаўляць з кімсьці іншым з тусоўкі без дазволу верхняга. За гэта маглі наказаць ці выключыць з клуба і гэтак далей. Пытанне ў тым, што, па факце, усё гэта скончылася, вымерла. Людзі, якія раней былі аўтарытэтнымі, састарэлі, адышлі ад справаў, і ім гэта нецікава.


І трэба яшчэ зразумець адно: не існуе ніякіх супольнасцяў, гэта набор індывідаў, набор некалькіх класных майстроў, вакол якіх нешта круціцца. На сённяшні момант у нас засталося некалькі “выжыўшых” майстроў, некаторыя маюць свае студыі, і вакол якіх жыве ўсё. Нават тыя тусоўкі, якія бухалі разам, параспадаліся. На сённяшні момант у Беларусі няма ніякага клубу, ніякай арганізацыі, нічога сапраўды цэнтралізаванага. Але, цікавы момант, ёсць некалькі платных дамін, вакол якіх кліенты купкуюцца, і яны самі хочуць сябе рэпрэзентаваць недзе, у нас ёсць некалькі майстроў.

— І зараз нічога не змянілася, акрамя таго, што мы сталі праводзіць новыя мерапрыемствы, як напрыклад k***party. Ну і, напэўна, тых людзей, якія больш-менш пастаянна ходзяць на гэтыя мерапрыемствы, і можна назваць супольнасцю. Але назваць гэту супольнасць сталай я не змагу - яна знікне, як толькі знікнуць мерапрыемствы. На шчасце, з’явілася канкурэнцыя - той жа bez*******ov ладзіць свае асобныя мерапрыемствы, але зноў жа ўсё завязана на асабістасцях.

— Якія мерапрыемствы праводзяцца?
— Ёсць некалькі фарматаў, якія я бачу. Гэта можа быць месца, дзе людзі маглі б вольна практыкаваць БДСМ-практыкі. Ёсць тусовачна-вечарыначныя кампаніі “не такіх, як усе”. А ёсць мерапрыемствы, на якіх можна паглядзець, пазнаёміцца, - фармат шоу. Для мяне вартасць такіх мерапремстваў найменшая, але яна фарміруе сяброўскія стасункі ў супольнасці. Тусоўкі шоу - гэта вынік першага тыпу, калі людзі збіраліся і вучыліся рабіць нешта паміж сабой, каб не вазіць замежных майстроў. Мы можам паклікаць майстроў з Расеі, але ККД будзе нулявы, бо, па факце, шоу - гэта абслуга для мерапрыемстваў, якія збіраюцца на сяброўскай базе, каб вучыцца, практыкаваць для сябе.
— Як арганізаваць мерапрыемства, каб яно адпавядала заканадаўству?
— Як канцэрт, тэатр, выступленне анатамічнага тэатра. Бо ў нас гэта немагчыма правесці як БДСМ-практыку. Я і ўспрымаю гэта як тэатр: у Беларусі немагчыма паказаць на сцэне БДСМ, бо наша заканадаўства не тое каб у дзевяностых, яно і ў пяцідзясятых не засталося! У нас не будзе так, як у берлінскім сэкс-тэатры, дзе людзі выходзяць і наўпрост трахаюцца (тое, дзеля чаго яны менавіта і прыйшлі).

Патрапіць у Еўропе на цікавых майстроў, зачыненую БДСМ-сесію - альбо гэта як магчымасць дакрануцца да працы ў порнаіндустрыі, альбо гэта вельмі дорага, вельмі элітарна, бо людзі даюць такія эмоцыі, якія ты ў іншых месцах не знойдзеш. У нас жа гэта адкрытая туса і ты спрабуеш сярод сваіх зрабіць недзе і нешта, дашкрабацца да сапраўдных эмоцый і даеш іншым на гэта паглядзець, пасля можна пагутарыць з мадэллю, запытаць, як ёй было, запытаць у майстра, якімі інструментамі ён карыстаецца, чаго ты дасягнуў і як адсочваў стан мадэлі.

— Катэгорыя людзей, якія прыходзяць, - хто яны, чым займаюцца, узрост (ці ёсць адметнасці ад іншых людзей)?
З размовы 2019 года:
З большага гэта выглядае так: у асноўным гэта 30+ ці нават далёка за 30+, гэта старэйшая генерацыя, усё гэта людзі так ці інакш дэфармаваныя ў сэксуальным плане, гэта вельмі рэдка людзі са здаровым сэсксуальным жыццём. Людзі старэйшага ўзросту вельмі часта прыходзяць за кампенсаторыкай, то бок не змаглі рэалізаваць сябе, ці з цягам часу сталі нецікавымі звычайныя сэксуальныя паводзіны, таму яны знайшлі сябе ў такім новым хобі. Аб’яднаць іх даволі складана, бо ёсць і нябедныя людзі, ёсць поўная галота.

Я магу сказаць адно: калі БДСМ-культуру ў Беларусь неяк увагнаць можна, то беларуса з БДСМ-шчыка – ніяк. Мерапрыемствы, на якія прыязджаеш, усё роўна выглядаюць як казачае вяселле: усё роўна будзе шансончык, музыка 90-х і гэтак далей. Беларускія БДСМ-шчыкі ў першую чаргу ўсё роўна беларусы, іх аб’ядноўвае такі ж сярэднестатыстычны ўзровень культуры, гэта не нейкая элітарная супольнасць, гэта простыя людзі, якія знайшлі калясэксуальнае хобі для сябе.

Вельмі часта сустракаемая рыса, якую можна адзначыць, – гэта пафаснасць і закрытасць да прыватнага жыцця. Метадам пафасу і максімальных пантоў яны ствараюць бар’ер вакол сябе, каб не аблажацца, некаторыя – каб не лезлі ім у душу. Ці не лезлі да іх прафесійных навыкаў: можна сказаць, што гэта прыватнае, я не працую пры людзях, і такім чынам, пазбегнуць любога кантролю, назіранняў. Да цябе ніхто не будзе падыходзіць, і пытацца, ці ўмееш ты пароць, чым ты порыш, ці ўмееш ты звязваць. Ты можаш сказаць, што ты працуеш прыватна, толькі са сваімі мадэлямі, і адасабіцца ад усяго і ўсіх. Пры гэтым з усімі выпіваць, адчуваць сабе часткай элітарнай культуры.

— Рэакцыя ўладаў (міліцыі): наколькі зараз гэта легальна, і ў чым асноўныя прэтэнзіі апошніх да вас?
— З пункту гледжання арганізацыі… нам дастаткова грудзі паказаць. Будзе тое ж самае, што з ЛГБТ-тусоўкамі: прыводзіцца непаўнагадавы, а за ім міліцыя - “совращение несовершеннолетних”, і арганізатары сядуць. Калі яны захочуць - сядуць усе. Таму мы намагаемся рабіць абсалютна адарваны ад эратычнай практыкі кантэнт, мы робім акцэнт менавіта на вяроўках. Для нас папулярызацыя гэтага як тактыльнай практыкі - выйсце. Мы даем магчымасць практыкаваць. Але, як бы не блюзнерылі і не казалі, маўляў, шыбары і сэкс несумяшчальныя - палова майстроў выкарыстоўвае гэта ў сваім прыватным жыцці.
— Стэрэатыпы ў дачыненні да вас: дзе праўда, дзе хлусня, і як з гэтым змагацца?
— З такімі пытаннямі лепш ісці да міністра адукацыі, альбо інфармацыі, каб людзей прыпынілі паліваць гаўном. Бо не мы выхоўваем людзей, не мы выхоўваем шкаляроў, не мы прыдумалі не даваць ніякай інфармацыі пра сэкс-адукацыі. Мы не можам кантраляваць гэты працэс. Па факце, мы ігнаруем такое афіцыёзнае стаўленне да нас, хоць мы маем яго на ўвазе. Мы разумеем, калі некаторыя прыходзяць і пытаюцца: “А што, тут трахацца абавязкова?”. Не, не абавязкова, гэта ўвогуле не пра гэта! Але мы аджартваемся: “Так, у нас усё, як па АНТ, мы садаміты, пентаграмы чэрцім, і яшчэ ахвяраванні прыносім”. Акрамя як іранізаваць над гэтым, нельга нічога зрабіць.
— Як ставяцца да гэтага за мяжой, і ці нармальна гэта, на тваю думку (у залежнасці ад адказу)?
— Я тут вырас, і я бачу як негатыўныя моманты ў гэтым (па шчырасці, жывем мы ў гета): мы абмежаваныя, і вельмі цяжка знайсці людзей, якія гэтым загараюцца. А тыя, хто загараюцца - згараюць. Але я лічу: добра, што я вырас у такім грамадстве. Бо такія часам кадры прыходзяць, што я не хацеў бы, каб у нас адбываліся вечарыны з адкрытым доступам да сэксу, дэманстрацыяй гэтага. Бо некаторыя не разумеюць, калі ім па дзесяць раз кажаш не здымаць на тэлефон, не разумеюць межаў прыватнасці, і ў іх няма павагі - да якой адкрытасці дапускаць?

Мы ж (арганізатары) будзем сядзець незвылазна, мы не разграбёмся са справамі аб згвалтаванні людзей на нашых вечарынах, за людзей, якія захочуць сваіх “18 - ” партнёраў, бо ў нас, на жаль, сярэдні ўзрост страты некранутасці - ніжэй за 18 год. Шчыра - патрэбна шмат сацыяльных зменаў, і ў стаўленні да сэксу, каб гэта стала адкрытым. Мне самому падабаецца, калі інтымнасць і прыватнасць застаецца людзям на індывідуалку, практыкуйце дома. Было б дрэнна, калі б мы выпускалі тыя стэрэатыпы, якія сядзяць у людзей у галовах.

З размовы 2019 года:
За мяжой жа гэта больш адкрытыя канвенсіі: есць арганізацыі, клубы, майстры, робяць дэвайсы, якія праводзяць майстар-класы па разнастайным БДСМ-практыкам, не толькі па фізічным уздзеянням, але і маральным, дамінуючым, асабліва па фемдам, дрэсуры, этыкету і гэтак далей. Па большай частцы гэты прыезджыя з Расеі, такая сабе разняволеная сэксуальная тусоўка.

У той жа час нашы прыязджаюць у клуб “Предел”, прыязджаюць на прыватныя студыі ў Піцер, на БДСМ-фішынг, на фестываль “НОД”, прысвечаныя шыбары, kink-party, прысвечаныя распусце ўвогуле, і БДСМ у тым ліку. Адным словам, ездзяць туды як на глыток паветра. Што мяне радуе, так гэта старэйшае пакаленне; моладзь якая прыязджае, ужо выбіралася да Еўропы, у іх ёсць Шэнген, яны наведваюць тэматычныя клубы ў Берліне, шыбары-вечарыны, фетыш-балы. Наколькі я ведаю, ёсць нейкі бал-парад, прысвечаны pet play, то бок, калі людзі пераапранаюцца ў жывёл і праводзяйь гульні ў сэксуальным кантэксце.

У нас ёсць людзі, якія туды ездзілі, адпаведна, яны бачаць іншы ўзровень, бо еўрапейская камуна – гэта больш пра тое, як прыемна зрабіць сабе і свайму партнёру, расейская – пра тое, як мне стаць круцей. Адпаведна, расейская і беларуская тусоўка трымаецца на асобніках, на дамінантах, якія трымаюць на сабе клубы, ці арганізацыі, ці курсы. Еўрапейскі падыход – гэта арганізацыі, а не канкрэтныя людзі, гэта мерапрыемствы, якія паўтараюцца з года ў год, якія заўсёды можна лёгка знайсці, у незалежнасці ад стаўлення да таго ці іншага чалавека. У Расеі цябе дастаткова пасрацца з якім-небудзь тэматыкам, ты патрапіш у чорны спіс. Сіндром “паніча з дубцом” застаецца.

І самае галоўнае, што хацеў сказаць, – грамадства да іх ставіцца так як паўсюдна, як да вычварэнцаў. Адзінае адрозненне – у Еўропе розныя балы, парады, дазволілі інтэграваць гэта ў іншыя адкрытыя супольнасці, ЛГБТ, проста фетыш-супольнасці, каб паказаць, што гэта больш пра фетыш, а не вычварэнствы. Але, агулам у Еўропе, я лічу, лепшае стаўленне да гэтага, у Амерыцы так увогуле часам пазітыўнае.
ГЭТА АПОШНІ МАТЭРЫЯЛ ДЛЯ ПРАЕКТА МЕНЕСТРЭЛЬ.
Але заставайцеся з намі. Мы вернемся іншымі.