МЕНЕСТРЕЛЬ
 


Слуцкае паўстанне 1920 года.
9 галоўных пытанняў
аб гэтай забытай гіторыі.

Артыкул Юрыя Хлапоніна пра галоўныя моманты Слуцкага Збройнага Чыну. Як яго задушылі і чаму мы яго не вывучаем у падручніках.
Аб чым гэты артыкул?
У снежні мінулага года ўзгадвалася 100-годдзе з часу падзеі, якой надалі б крыху больш (ці менш?) увагі ў іншы час, калі б не леташнія палітычныя падзеі ў краіне - менавіта Слуцкае збройнае паўстанне 1920 году. Але насамрэч, гэтая падзея - спраўды вызначная для беларускай гісторыі, паколькі ў ёй вызначаюцца асноўныя лініі фарміравання беларускай свядомасці: першае - яе межы выходзілі значна больш за рамкі беларусаарыентаванай прывілеяванай супольнасці; другое - моцны супраціў, аказаны бальшавісцкім войскам, які паказвае моц беларускіх збройных фармаванняў тых часоў.

У гэтым матэрыяле мы не будзем намагацца пераказваць асноўныя падзеі ці вызначаць дзеючых персанажаў Слуцкага паўстання - для гэтага ёсць Вікіпедыя, альбо матэрыялы апошніх гадоў па гэтай тэме. Наша мэта - адказаць на тыя пытанні, якія раз-пораз ўзнікаюць у нас (да і напэўна, у вас) у галаве асацыяцыямі на падзеі паўстання Слуцкага збройнага чыну.

Як гэта магло адбыцца ўвогуле?
Перадумовай слуцкім падзеям служыла савецка-польская вайна 1919-1921 гадоў; Беларусь, як часта гэта і бывала, ізноў стала арэнай баявых дзеянняў паміж рускімі і польскімі войскамі. Вынікамі гэтага, забягаючы наперад, стала Рыжскае пагадненне 1921 года, але перад гэтым, у кастрычніку 1920-га. было падпісана перамір’е, па якому Заходняя частка Беларусі адыходзіла да Польшчы, а Усходняя вызнавалася як бальшавіцкая БССР.

Пэўная рэч, інтарэсы беларусаў, прадстаўнікоў прасавецкай ССРБ, не кажучы пра ўдзельнікаў нацыяльна-вызвальнага руху з Рады БНР, ніхто не ўлічваў: ані тыя, ані іншыя не мелі дастатковай вагі і ўплыву на сітуацыю ў краіне. Тым не менш, такое рашэнне выклікала вялікую незадаволенасць сярод прыхільнікаў самастойнай Беларусі - як у радах беларускіх эсэраў, так і праРадаБНРскай мясцовай інтэлігенцыі. Паасобку ў некаторых беларускіх рэгіёнах адбываюцца кропкавыя выступленні, якія хутка прыдушваюцца палякамі, ці бальшавікамі - у залежнасці ад месца дзеяння.

Але не ў Слуцку - там ідэі самастойнага самакіравання атрымліваюць падтрымку практычна сярод усіх слаёў насельніцтва, у першую чаргу сярод сялянства - найбольш шматлікую і актыўную сацыяльную групу.
Ужо праз месяц пасля падпісання перамір’я ў Слуцку адбываецца фармаванне Беларускай Рады Случчыны, на наступны дзень абвяшчаецца вольная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнаграфічных межах. А ўжо на працягу дзесяці дзён, на аснове аб’яўленай Радай мабілізацыяй, з ліку салдат і дабраахвотнікаў ствараюцца два слуцкія батальёны - як раз перад сыходам палякаў з горада. Тут нотабэнэ: у адпаведнасці з умовамі перамір’я Случчына пераходзіла пад кантроль Саветаў, за ёй - трыццацікіламетровая нейтральная зона.

З 27 лістпада і па канец снежня 1920 года на ўскраінах Слуцка адбываюцца баявыя сутыкненні ўдзельнікаў паўстання з рэгулярнымі войскамі бальшавікоў. Першыя актыўна нападалі, ім атрымлівалася на нетрывалы час браць пад кантроль населеныя пункты, браць у палон чырвонаармейцаў, наносіць страты. Але, з-за няроўнага размеркавання сілаў і ўзбраення (не на карысць паўстанцаў), а таксама разузгаднення сярод арганізатараў паўстання, Слуцкі збройны чын зазнаў паразкі.

Доля удзельнікаў выступлення склалася трагічна - асноўная яго частка адступіла на нейтральную зону, а адтуль на тэрыторыю Польшчы, дзе яны былі інтэрнаваныя палякамі і адпраўленыя пад арышт аж да вясны 1921 года. Найбольш актыўных удзельнікаў паўстання польскія ўлады выдалі бальшавікам. Апошнія на той момант жорстка прыдушваюць паасобныя партызанскія загоны Случчыны, а таксама тых, хто іх падтрымаў. Але, не гледзячы на такі сумны фінал, памяць пра слуцкія падзеі лістапада-снежня 1920 года жыве. Але і таксама застаецца нямала пытанняў, якія і дагэтуль выклікаюць шмат дыскусій. Напрыклад: кім жа былі ўдзельнікі Слуцкага паўтання, і ці было яно ўвогуле?
Чаму Случчына?
Тут можна выказваць здагадкі, але, у першую чаргу ня трэба забываць пра ролю Слуцка ў гісторыі Беларусі. Слуцк - старадаўні беларускі горад з багатай гісторыяй, якая рэпрэзэнтуе менавіта беларускую культуру ў розныя перыяды панавання ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Расейскай імперыі. Не дзіўна, што ў свой час ён становіцца месцам прыцягнення этнографаў, гісторыкаў, культурных дзеячаў як сярод мясцовай інтэлігенцыі, так і на ўзроўні ўсёй Беларусі. У час паміж Першай сусветнай і савецка-польскай войнамі у ім пачынаюць дзейнічаць патрыятычныя аб’яднанні, адкрываецца першая беларускамоўная гімназія, фарміруецца міліцыя, якая складаецца з беларусаарыентаваных прадстаўнікоў Случчыны.
Чаму сялянства?
Асобная пытанне - чаму паўстанне атрымала падтрымку сярод мясцовага сялянства? Скажам загадзя: класічны пастулат савецкай рэвалюцыйнай прапаганды трымаўся на актыўным удзеле і падтрымцы сялянства ў распаўсюдзе савецкай улады “рабочых і сялян”. Але падзеі ў Слуцку - адзін з чарговых шматлікіх фактаў, які ўдала развенчвае гэты міф. За час расейска-польскай вайны Случчына некалькі разоў пераходзіла пад кантроль палякаў альбо саветаў. За гэты час случчане ўжо паспелі адчуць палітыку вайсковага камунізму з ягонай прымусовай мабілізацыяй, прадразвёрсткай, нецярпімасцю да ўсяго беларускага.

З другога боку, ўлада Польшчы таксама не вельмі задавальняла слуцкіх сялян - большасць з іх былі праваслаўнымі беларусамі, але зямля ў асноўным была ва ўласнасці палякаў-каталікоў.
Яшчэ адзін важны момант - сярод беларкскіх рэгіёнаў Случчына, напэўна, найменш пакутавала ад разбуральных наступстваў войнаў і рэвалюцый, працэнт заможных сялянаў у краі быў значна больш, адпаведна, дзяліцца сваім з чужынцамі як з таго так і іншага боку ў іх не было аніякай зацікаўленасці.

Адкуль зброя?
Савецка-расійская гістарычная плынь cцвярджае - удзельнікі Слуцкага збройнага чыну атрымалі сур’ёзную падтрымку ўзбраеннем з боку польскіх войск, якія пакідалі зброю паўстанцам, зыходзячы са Слуцка. На самой справе, вялікай праблемай для слуцкіх паўстанцаў была нестача зброі, менавіта таму пад час мабілізацыі гучалі заклікі браць з сабой уласную. Да таго ж, у далейшым большая частка частка зброі набывалася Ў якасці трафеяў пад час сутыкненняў з бальшавікамі.
Якая колькасць удзельнікаў?
Прыкладная колькасць удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну знаходзілася ў межах 4 тысяч чалавек, плюс яшчэ 6 тысяч з ліку рэзервістаў. Савецкія і польскія дадзеныя значна памяншаюць, да 1-2 тысяч.
Як паўстанцам атрымалася пратрымацца столькі часу?
Першая прычына - фактар уласнай зямлі: случчане добра ведалі ўласную тэрыторыю, былі значна больш матываваныя; ім нават атрымлівалася перавярброўваць на свой бок чырвонармецаў з ліку мясцовага насельніцтва альбо байцоў з памежных рэгіёнаў. Таму, значную частку вайскоўцаў Чырвонай арміі у слуцкіх падзеях складалі латышскія і нават кітайскія легіянеры.

Да таго ж, слуцкія паўстанцы мелі выдатнае афіцэрскае камандванне, выпрабаванае вопытам Першай сусветнай вайны, грамадзянскай вайны ў Расеі, савецка-польскага канфлікту.
Ці быў польскі след?
Меркаванні пра непасрэдны ўдзел Польшчы ўпершыню трапляецца на вочы ў расейскай Вікіпедыі - аб тым, чаму ў ёй ўвогуле не трэба чытаць артыкулы на гістарычную тэматыку, можна пісаць асобны артыкул. Спраўды, стаўленне польскіх уладаў да падзей у Слуцку першапачаткова было дастаткова лаяльным - яны не перашкаджалі стварэнню збройных фарміраванняў у рэгіёне, таксама як і перадачы нешматлікай матэрыяльнай дапамогі і зброі случчанам з боку Рады БНР у выгнанні.

На гэта ў палякаў быў уласныя інтарэсы - фармальна выконваючы ўмовы перамір’я, Польшча магла выкарыстаць антыбальшавіцкія настроі як у Слуцку, так у іншых рэгіёнах Беларусі, што давала б ім магчымасць павялічыць свае тэрыторыі (ці, як мінімум, уалыў на сітуацыю) перад падпісаннем мірных пагадненняў.

Але, у далейшым дзеянні польскіх уладаў, як мы ўжо пазначалі вышэй, накіроўваюцца на прыдушэнне паўстанскага руху. Прычыны гэтаму - магыма, яны разгледзелі таксама і антыпольскую накіраванасць удзельнікаў паўстання, іх жаданне выбудаваць самастойную дзяржаву не толькі ад Расеі, але і ад самой Польшчы. У дабавак, не трэба здымаць фактар ціску з боку Масквы - у такіх умовах зберагчы тое што ёсць, выглядала больш надзейным, чым падтрымліваць нечыя авантуры з непрадказальнымі вынікамі.
Ці было паўстанне ўвогуле?
Некаторыя прыхільнікі савецка-расейскага лагеру, у тым ліку і сярод гісторыкаў, прытрымліваюцца пазіцыі, маўляў, ніякага Слуцкага паўстання не было. Як можа быць “паўстанне”, калі няма супраць каго паўставаць - палякі горад пакінулі, а Саветы яшчэ не прыйшлі?

Іншая думка: на самой справе паўстанне арганізавалі Польскі генеральны штаб і Найвышэйшая беларуская рада - афіцыйныя гістарыяграфія пасылаецца на сведчанні некаторых удзельнікаў выступлення, дзеячаў беларускага Адраджэння. Сапраўды, не заўсёды пераканаўча гучаць аргументы ўзраджэння беларускага на Случынне, ва ўмовах калі ідэі БНР ва ўсёй Беларусі так і не атрымалі належнай падтрымкі сярод насельніцтва.

У першым выпадку мова ідзе хутчэй пра розніцу ў фармулёўках, ніж пра сутнасць - падзеі ў Слуцку можна называць “выступленнем”, “хваляваннямі”, “беспарадкам” - факт існавання дзвюх чатырохтысячных батальёнаў, якія на працягу месяца трымалі супраціў Чырвонай арміі, не адмаўляюць ані ў Польшчы, ні ў Расеі, і самой Беларусі.

Дргая сітуацыя - як мы ўжо казалі, Слуцкае паўстанне для Польшчы выглядала хутчэй разменнай манетай, для таго каб уплываць на сітуацыю ў рэгіёнах, вызваленых ад сваёй прысутнасці за ўмовамі перамір’я.

Чаму зараз так мала ўвагі гэтай тэме ў школьных падручніках?
Удакладненне - гэтай тэме не прысвечаны жодны з радкоў у падручніках па гісторыі Беларусі 10 класа. Прычыны гэтаму можна глабалізаваць ад слова зусім - школьная праграма гісторыі Беларусі не схіляе да таго, каб гэтую гісторыю ведалі і цікавіліся ёй. Цэлыя адрэзкі, асабістасці, і падзеі не ўключаныя ў падручнікі, асабліва што датычыцца падзей пасля 1917 году, і да сённяшніх дзён. Таму, у незалежнасці ад школьных адзнак і зацікаўленасці айчыннай гісторыяй, у галаве сярэднестатыстычнага беларуса падзеі беларускай гісторыі асыцуююцца з дзвюма рэчымі: Вялікая Айчынная і распад СССР - незалежная Беларусь (з апошнім - і тое не факт).
Таму гэты матэрыял - адна з кропляў сапраўднага, лікбез для тых, хто лічыць, што да 1994 (!) не было Беларусі, беларускага, не было людзей, якія хацелі жыць на сваёй зямлі, размаўляць на сваёй мове, вырашаць свой лёс.